ПАРАЗІТАМАНІЯ

ПАРАЗІТАМАНІЯ,
або НЯВЫДУМАНАЯ ГІСТОРЫЯ СЯБРОЎ-СЫСУНКОЎ

Ну ж, браточкі, й развялося,
Распладзілася наноў
Прагавітых, ненажэрных
Паразітаў-сысункоў,

Што смактаць гатовы ўвішна
Ці то кроў, ці што яшчэ,
Ля смакотнае «патравы»
Прымасціўшыся ямчэй.

Вось чаму сюды так цягне
Гнідаў, вошай і блыхоў —
Не на жарт спрактыкаваных,
«Майстравітых» сысункоў.

Ні табе якой патугі, —
Бо не трэба жылы рваць,
Каб з крутой, дабротнай жылкі
«Смакату» усмак смактаць.

Вось дзе можна прымасціцца
І ад пуза разгавець,
І таго-сяго ад жылкі
Пра запас сабе займець!

Абібока кожны марыць
(Што на гэта скажаш тут?)
Ля дармовага карыта
Пачуваць сябе sehr gut.

І таму няма сакрэту:
Напярэймы сысункі
Рвуцца-пруцца да той жылкі,
Як у спёку да ракі.

Ды яшчэ, скажу, прычына
Ў гэтым маецца адна:
Каб жа як мага паболей
З сябе выціснуць… гаўна.

Бо здаўна, браткі, вядома:
Колькі ты ні рупся жваць,
Ўсё смакоцце давядзецца
У гаўно ператвараць.

Мімаходзь сабе заўважу,
І ты сам, брат, веры дай:
Хоць з блыхі, хоць з той жа вошы
Бздукі столькі— хоць збаўляй.

Дый не дзіва — на халяву
Лезе ўсё, як не ў сябе:
Кожны марыць, што смакотай
Ўраз трыбух сабе наб’е.

Завіхаліся «панове»,
Каб пабольш «харчоў» урваць
І вакол сябе паветра
Гідкім духам сапсаваць.

І блыха-неперабора,
І пражэра-вашына,
Пхнулі ў бэбахі няўтомна,
Каб пабольш зрабіць гаўна.

І ўжо столькі настваралі
Гуртам гэтага «дабра», —
Не ступіць было, папраўдзе,
Нават кроку са двара.

Так нястомна шчыравалі,
Што няўзнак (о, свенты Бог!),
Як па шчучыным загадзе
Ўміг здрабнеў багацця рог.

Ад такой неспадзяванкі
Распачаўся тут сыр-бор:
Кожны «сябра» вінаваціў
І адчайна глотку дзёр.

І такі усчаўся вэрхал,
Тлум страшэнны, гармідар
(Па-сучаснаму б сказалі —
Надзвычайнейшы піяр).

Тыя ж вошы — дай ты рады! —
Як мацёрыя харты,
Ўміг клыкі павыстаўлялі
І задралі ўверх хвасты.

— Не дамо! — крычалі. — Наша! —
І з гразьбой ішлі ўпярод.
— Вы ўсе здрайцы, вы засранцы.
Мы ж — дзяржава! Мы ж — народ!

Тут і блохі завішчалі:
— Трасцу! Мы адны — радня!
І ні вошы, і ні гніды
Насамрэч нам не раўня!

Больш за ўсіх лемантавала
Старажылка — вошка Пук,
Дакараючы: падманам
Яе долю з’еў Павук.

А яшчэ хтось з насцярогай
Тут згадаў і пра жукоў,
Што паўсюль кішма кішэла
Ля старых каравякоў…

Пасварыліся дарэшты
Ненажэры-сысункі,
Хоць былі і не чужыя,
А, папраўдзе, — сваякі.

Ды прычынаю раздраю
Хлеб чужацкі — лёгкі — стаў,
Што, бы водарам спакусным,
Вабіў іх, інтрыгаваў.

Хоць дармовы хлеб, вядома,
Толькі ў пастцы, толькі там.
……………………………….
Ды твой выбар — за табою.
Выбар зробіш толькі сам.
………………………………
Што ж, нарэшце развітацца
Надышоў, браточкі, час.
Дык паслухайце ж параду,
Што дае адзін нам «Сказ…»:

За рублём даўгім, падманным,
Не цягніце вы руку,
А дзярмо, каб менш смярдзела,
Лепш трымайце на замку.